Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра «важнасць захавання агульнай эканамічнай прасторы ў супрацоўніцтве ў СНД і ЕАЭС», бо знайсці новыя рынкі наўрад ці ўдасца. Такое прызнанне ён зрабіў на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Кыргызстана Адылбекам Касымаліевым 30 верасня.

— Цяпер нам вельмі важна не страціць нашую эканамічную прастору. Гэта вялікае дабро для нас. Сёння туляцца па свеце і шукаць новыя рынкі вельмі дорага, праблематычна, і наўрад ці мы іх знойдзем. Знойдзем — добра. Патрошку трэба іх знаходзіць. Але трэба не забываць, што ў нас ёсць, не страціць. Руплівыя людзі зыходзяць з гэтага, — сказаў Лукашэнка.
Ён папрасіў Бішкек «глядзець у наш бок» і выказаў упэўненасць, што Кыргызстан цалкам падтрымлівае такую палітыку.
— Нам бы захаваць тое, што ёсць. Але калі атрымаецца прымножыць, было б нядрэнна, — дадаў палітык.
Паводле яго, Мінск гатовы дасягнуць з Кыргызстанам таго ўзроўню тавараабароту, «пра які мы шэптам сёння размаўляем», — прыкладна 500 мільёнаў даляраў.
— Я нават не хачу акрэсліваць дату. Да 2030-га дасягнём — будзе вельмі добра. Але зрабіць мы гэта можам і павінныя, — заявіў Лукашэнка.
Ён выказаў асаблівую цікавасць да горназдабыўной прамысловасці Кыргызстана, дзе ў Беларусі «ёсць пэўныя кампетэнцыі»:
— Мы гатовыя працаваць па старых нашых кантрактах і праектах, якія былі характэрныя для Беларусі з савецкіх часоў, удзельнічаць у вашых праектах. Асабліва нас цікавіць горназдабыўная прамысловасць, бо мы маем усё неабходнае для здабычы і транспартавання горных парод да фабрык перапрацоўкі.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў пра праблемы са збытам тавараў у Расіі — продажы на гэтым рынку падаюць. 8 верасня палітык заявіў, што самая вялікая праблема сёння для Беларусі — знайсці новыя рынкі збыту для айчыннай прадукцыі, якую не ўдаецца рэалізаваць «з пэўных аб’ектыўных прычын» у Расіі.
Да прыкладу, сёлета МАЗ і некаторыя іншыя вытворцы сутыкнуліся з прыкметным падзеннем продажаў сваёй тэхнікі ў Расіі — на асноўным рынку збыту для прадукцыі беларускай прамысловасці.
Раней аналітыкі Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) звязалі запаволенне тэмпаў росту ў прамысловасці з недахопам працоўнай сілы і высокай загружанасцю прадпрыемстваў у гэтай сферы, якія працуюць на 70% сваіх магутнасцяў.
Чытайце таксама